Тэматычны семінар “Арганізацыйна-метадычныя аспекты паспяховага выканання вучнямі рэспубліканскай кантрольнай работы па беларускай мове” прайшоў 4 лютага 2025 года на базе ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”.
Сярод задач правядзення мерапрыемства –– стварыць умовы для фарміравання ў педагогаў патрэбы ў дасягненні высокага ўзроўню якасці выканання вучнямі рэспубліканскай кантрольнай работы па беларускай мове; засяродзіць увагу ўдзельнікаў на выкарыстанні эфектыўных метадаў і прыёмаў, накіраваных на аператыўнае паўтарэнне і сістэматызацыю вучэбнага матэрыялу; правесці аналіз дэманстрацыйнай версіі рэспубліканскай кантрольнай работы па беларускай мове.
Маліноўская С.С., метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”, спынілася на арганізацыйных аспектах правядзення рэспубліканскай кантрольнай работы па беларускай мове ў 2025 годзе: нарматыўная прававая база, змест кантрольнай работы адносна вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” для Х класа і адносна ўзроўняў засваення вучэбнага матэрыялу, час выканання.
У рамках адукацыйнага мерапрыемства быў прадстаўлены педагагічны вопыт работы настаўніка Мсціслаўскага раёна Ешчанка А.А., якая прааналізавала дэманстрацыйную версію рэспубліканскай кантрольнай работы па беларускай мове, прапанавала ўласна распрацаваны дыдактычны матэрыял адносна ўзроўняў вучэбнай дзейнасці вучняў, агучыла тыповыя памылкі вучняў падчас выканання дэмаверсіі і засяродзіла ўвагу калег на заданнях, якія выклікалі ў вучняў цяжкасці.
Напрыканцы мерапрыемства былі выпрацаваны рэкамендацыі па арганізацыі паўтарэння і актуалізацыі ведаў вучняў, падрыхтоўцы да напісання кантрольнай работы.
Маліноўская Святлана Сяргееўна, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”, 40 03 06




