30 снежня 2024 года ва ўстанове адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі» адбылася V Міжнародная навукова-практычная дыстанцыйная канферэнцыя «Актуальныя праблемы развіцця сістэмы адукацыі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства». У канферэнцыі, якая стала традыцыйнай, удзельнічала 280 чалавек, большасць з якіх прадстаўлялі педагагічную супольнасць Рэспублікі Беларусь. 11 замежных удзельнікаў-гэта педагогі з Расійскай Федэрацыі (Масква, Казань, Іркуцк). Арганізатарам гэтага навуковага мерапрыемства з’яўляюцца выкладчыкі кафедры дыдактыкі і прыватных методык. Мадэраваў мерапрыемства загадчык кафедры дыдактыкі і прыватных методык, кандыдат філасофскіх навук С.А. Данілевіч. Канферэнцыя традыцыйна пачалася з вітальнага слова рэктара ўстановы адукацыі «МГАІРА» кандыдата эканамічных навук, дацэнта М. М. Жудро, які падкрэсліў навукова-практычную і грамадскую значнасць канферэнцыі, пажадаў удзельнікам навуковага форуму плённай працы і павіншаваў іх з надыходзячым Новым 2025 годам.
Высокі навукова-тэарэтычны ўзровень дакладаў і паведамленняў, дыялогавая форма зносін, свабодны абмен думкамі стварылі атмасферу навуковага пошуку і супрацоўніцтва, як на пленарным пасяджэнні, так і на пасяджэннях секцый. Удзельнікі канферэнцыі прадставілі і абмеркавалі перадавы педагагічны вопыт у сферы грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, пытанні ўзаемадзеяння педагогаў з моладзевымі субкультурамі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства, праблемы выкарыстання магчымасцяў лічбавых тэхналогій у якасці інструмента навучання і выхавання. Удзельнікі канферэнцыі ў сваіх выступленнях адзначылі актуальнасць і запатрабаванасць навуковай і метадычнай інфармацыі па тэме канферэнцыі, як для навукоўцаў, так і для педагогаў-практыкаў. Матэрыялы навуковага форуму дапамогуць педагогам знайсці правільныя арыенціры пры арганізацыі вучэбнай дзейнасці ва ўмовах выклікаў інфармацыйнага грамадства.
Па выніках працы канферэнцыі ў студзені 2025 года будзе выдадзены электронны зборнік артыкулаў даступны для запампоўкі на сайце ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны інстытут развіцця адукацыі».
Пурышева Н. М., дацэнт кафедры дыдактыкі і прыватных методык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт