10 чэрвеня 2024 года на базе ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі” для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры са стажам працы на пасадзе да 3-х гадоў у вочным фармаце адбыўся інтэрактыўны семінар з элементамі трэнінгу “Арганізацыя кантролю і ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.
Пасяджэнне прайшло з мэтай удасканалення кампетэнтнасці педагогаў па пытаннях ажыццяўлення кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроках беларускай мовы і літаратуры.
Гірына Алена Васільеўна, начальнік аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”, у прывітальным слове акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў семінара на магчымасцях ажыццяўлення кантрольна-ацэначнай дзейнасці з мэтай павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу.
У ходзе адукацыйнага мерапрыемства педагогі актуалізавалі веды аб асноўных паняццях “кантроль”, “ацэнка”, “адзнака”, адпрацавалі навыкі ацэньвання вынікаў вучэбнай дзейнасці на ўроках беларускай мовы і літаратуры, выкарыстоўваючы розныя віды кантрольна-ацэначнай дзейнасці, разгледзілі псіхалагічныя аспекты арганізацыі кантролю і ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці.
Падчас трэнінгу Маліноўская Святлана Сяргееўна, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”, прапанавала педагогам для аналізу педагагічныя сітуацыі, фотаздымкі прадметных старонак класных журналаў, у выніку настаўнікі вызначылі тыповыя хібы пры прамежкавай атэстацыі вучняў, правядзенні тэматычнага кантролю. Акрамя таго, слухачы ўключыліся ў дзейнасць і праверылі пераклад вучня пятага класа, распрацавалі крытэрыі ацэньвання канкрэтнага дамашняга задання, паспрабавалі атэставаць вучняў за чвэрць. Пасля выканання кожнага з заданняў быў выпрацаваны канкрэтны алгарытм работы, каб у выніку вучань атрымаў аб’ектыўную адзнаку.
Зваротная сувязь з удзельнікамі заняткаў падчас правядзення рэфлексіі выявіла актуальнасць і прафесійную неабходнасць у правядзенні такога кшталту мерапрыемстваў. Завяршылася мерапрыемства псіхалагічным практыкаваннем “Я і мае каштоўнасці”.
Маліноўская Святлана Сяргееўна, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”, 40 03 06