29 сакавіка 2024 года спецыялісты Цэнтра развіцця рэгіянальнай адукацыі ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі» правялі III Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Удасканаленне адукацыйных сістэм у інтарэсах грамадства, асобы, дзяржавы». Яе правядзенне для інстытута развіцця адукацыі стала ўжо добрай традыцыяй.
Гэты год – год якасці, таму асаблівую ролю адыгрывае павышэнне якасці адукацыі. Гэтаму спрыяе аптымізацыя працэсаў кіравання ўстановамі адукацыі для забеспячэння высокага ўзроўню дзейнасці; укараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс; фарміраванне выхаваўчай прасторы ўстановы адукацыі; арганізацыя работы з маладымі педагогамі; выкарыстанне інавацыйных форм работы, якія садзейнічаюць павышэнню якасці адукацыі.
Гэтыя і многія іншыя пытанні навуковыя работнікі, вядучыя спецыялісты сістэмы адукацыі, педагогі-практыкі з Беларусі і Расіі абмеркавалі на пленарным пасяджэнні і 5 тэматычных секцыях.
Канферэнцыя праходзіла ў двух фарматах: вочна і анлайн. Актыўны ўдзел у рабоце секцый прынялі педагагічныя работнікі Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якія прыехалі на канферэнцыю.
Каля 700 дакладаў з Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі сістэматызаваны ў электронны зборнік, матэрыялы якога пазнаёмяць педагогаў з эфектыўным вопытам работы калег, стануць каштоўнымі для навуковай і практычнай дзейнасці.