З мэтай удасканалення прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па фарміраванні і развіцці грамадзянскай актыўнасці і патрыятызму навучэнцаў 25 сакавіка 2024 на базе ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3» адбыўся абласны семінар-практыкум «Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў «Сусветная гісторыя», «Гісторыя Беларусі», факультатыўных заняткаў і пазакласнай работы ў мэтах фарміравання ў вучняў грамадзянскасці, патрыятызму і паважлівага стаўлення да гістарычнага мінулага беларускага народа».
З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся рэктар установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі», кандыдат эканамічных навук, дацэнт, Жудро Міхаіл Міхайлавіч. Ён акцэнтаваў увагу на бясспрэчнай значнасці выхавання сапраўдных патрыётаў сваёй краіны, заклікаў засяродзіць усе магчымыя рэсурсы для вырашэння гэтай задачы. Дырэктар установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3» Грыгаровіч Канстанцін Міхайлавіч у сваім выступленні падрабязна спыніўся на асноўных напрамках выхаваўчай работы, якія рэалізуюцца ў ліцэі. Канстанцін Міхайлавіч падкрэсліў, што «Патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт». Аб сістэме работы ліцэя па грамадзянска-патрыятычнай адукацыі навучэнцаў падрабязна распавяла Даніленка Вольга Уладзіміраўна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. У рамках выступлення аб рэалізацыі праекта «Вобраз Вялікай Айчыннай вайны ў прасторы гістарычнай памяці» на вучэбных занятках настаўнік гісторыі Аўрамава Юлія Іванаўна падзялілася вопытам шматгадовага плённага супрацоўніцтва з установай «Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны». Аб рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу на ўроках гісторыі з выкарыстаннем матэрыялаў экспазіцый музея расказаў навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Валашчук Дзмітрый Сяргеевіч падчас дыстанцыйнага выступлення. Ён прадэманстраваў, якім чынам могуць быць задзейнічаны экспанаты музея пры правядзенні віртуальных урокаў для навучэнцаў устаноў адукацыі. Эмацыйна насычанае выступленне Нікалаенка Веранікі Васільеўны, настаўнікі гісторыі, нікога не пакінула абыякавым. Вераніка Васільеўна падзялілася з педагогамі шматлікімі краязнаўчымі праектамі, у якія актыўна прыцягваюцца навучэнцы ліцэя. Шулепаў Мікіта Дзмітрыевіч, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, пазначыў ключавыя напрамкі ў рабоце па фарміраванні ў вучняў паважлівага стаўлення да гістарычнага мінулага беларускага народа. Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Кафы Валерыя Міхайлаўна прэзентавала праект «За калючым дротам: канцэнтрацыйныя лагеры Беларусі і Заходняй Еўропы». Яна звярнула ўвагу на ролю інтэрактыўных і гугл-карт, якія дазваляюць візуалізаваць сабраны навучэнцамі матэрыял. Аб рэалізацыі сацыяльна-накіраваных праектаў пры арганізацыі даследчай дзейнасці на ўроках геаграфіі як сродкі фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі вучняў у сваім выступе распавяла настаўнік геаграфіі Карнеева Анжэла Уладзіміраўна.
Пры падвядзенні вынікаў мерапрыемства метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Галачкіна Марына Аляксандраўна адзначыла шматвектарнасць выхаваўчых мерапрыемстваў ва ўстанове адукацыі, высокі прафесіяналізм педагогаў, творчае стаўленне да працы, адкрытасць і гатоўнасць дзяліцца майстэрствам педагагічнага вопыту.
Метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Марына Аляксандраўна Галачкіна 40 03 06