З 18 па 24 сакавіка 2024 года па ўсёй Рэспубліцы Беларусь пад эгідай Нацыянальнага банка праходзіць тыдзень фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі, у якой прымаюць удзел і ўстановы адукацыі.
У рамках Тыдня фінансавай граматнасці 19 сакавіка 2024 года ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі адбылося інфармацыйнае мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў Белдзяржстраху па г. Магілёву – Малахавай Галіны Мікалаеўны, страхавога агента, і Шаблоўскай Інэсы Вячаславаўны, спецыяліста па страхаванні. Яны прадставілі прэзентацыю на тэму «Навошта трэба страхаванне?», распавялі аб розных відах і аб’ектах страхавання, умовах і сумах пакрыцця шкоды, страхавых рызыках, зніжках і акцыях, якія прапануе Белдзяржстрах у цяперашні час. Пасля завяршэння прэзентацыі ўдзельнікі мерапрыемства (педагагічныя работнікі – слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі і супрацоўнікі Інстытута) атрымалі магчымасць даведацца кампетэнтныя адказы на пытанні, якія іх цікавяць.
Таксама напярэдадні Тыдня фінансавай граматнасці 12 сакавіка 2024 года ў інстытуце быў арганізаваны вэб-квэст «Фарміраванне фінансавай культуры суб’ектаў адукацыйнага працэсу» для педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
У дадзеным мерапрыемстве ў якасці эксперта і старшыні журы прымала ўдзел Нарцава Алена Генадзьеўна, галоўны спецыяліст аддзела суправаджэння рознічнага бізнесу Магілёўскага абласнога ўпраўлення № 700 ААТ «ААБ Беларусбанк».
Нягледзячы на даволі складаны і аб’ёмны тэст і абмежаваную колькасць часу на яго выкананне, пераважная большасць удзельнікаў вэб-квэста паспяхова справіліся з заданнямі. Удзельнікі, якія выканалі больш за 50% заданняў тэсту, а таксама творчае заданне, па рашэнні журы былі адзначаны сертыфікатамі за выніковы ўдзел.
Пераможцамі вэб-квэста сталі наступныя каманды ўстаноў адукацыі: I месца – ДУА «Раманавіцкая сярэдняя школа Магілёўскага раёна» (100 балаў), II месца – ДУА «Сярэдняя школа № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А. Крываноса г. Клічава» (97 балаў), III месца падзялілі паміж сабой ДУА «Гімназія № 4 г. Магілёва» і ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Круглае» (па 85 балаў).
Такім чынам, работа па выкананні Плана мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва Магілёўскай вобласці на 2019–2024 гады працягваецца, у тым ліку і сярод педагагічных работнікаў устаноў адукацыі.
Сарвіра Алена Іванаўна, метадыст аддзела педагагічных інавацый УА «Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі». Кантактная інфармацыя: тэл.: 8 (0222) 40 03 71;
email: innov@mogileviro.by