“Эфектыўны ўрок беларускай літаратуры: ад тэксту да дыялогу” – пад такой назвай 23 красавіка 2026 года адбыўся круглы стол для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Мерапрыемства сабрала педагогаў для абмеркавання актуальных пытанняў выкладання роднай літаратуры, пошуку эфектыўных шляхоў пераходу ад традыцыйнага аналізу тэксту да жывога дыялогу на ўроку.
Мэта адукацыйнага мерапрыемства – павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў у галіне арганізацыі эфектыўнага ўрока літаратуры на аснове дыялагічнага падыходу да вывучэння мастацкага тэксту.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся Гірына А.В., начальнік, Маліноўская С.С., метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”. У сваіх выступленнях спікеры падкрэслілі, што менавіта дыялагічны падыход стварае ўмовы для развіцця крытычнага мыслення вучняў, фарміравання іх камунікатыўных кампетэнцый і, у канчатковым выніку, уплывае на якасць адукацыі.
У рамках круглага стала быў прадстаўлены педагагічны вопыт настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Быхаўскага, Глускага, Бабруйскага і Хоцімскага раёнаў. Выступоўцы падзяліліся напрацоўкамі і звярнулі ўвагу ўдзельнікаў на тое, як праз дыялог з тэкстам і аўтарам у вучняў фарміруюцца каштоўнасныя арыенціры, рэалізуецца выхаваўчая мэта ўрока, прадэманстравалі канкрэтныя прыёмы работы з тэкстам, якія дазваляюць перавесці пасіўнае чытанне ў актыўны дыялог.
Вынікі круглага стала паказалі, што настаўнікі беларускай мовы і літаратуры гатовы да пераходу ад традыцыйнай маналагічнай мадэлі ўрока да суб’ект-суб’ектнага дыялогу. Удзельнікі адзначылі, што выкарыстанне дыялагічных тэхналогій не толькі павышае матывацыю вучняў да чытання, але і спрыяе развіццю іх асобы, фарміраванню грамадзянскай пазіцыі і павагі да роднага слова.
Круглы стол стаў яшчэ адным крокам да таго, каб урок беларускай літаратуры стаў прасторай жывога слова, думкі і дыялогу, дзе тэкст ператвараецца ў суаўтарства, а вучань – у актыўнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу.
Маліноўская Святлана Сяргееўна, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”, 24 53 06






