29 студзеня 2026 года адбыўся семінар па пытаннях аптымізацыі дакументазвароту ў дзейнасці педагога сацыяльнага і педагога-псіхолага з удзелам намесніка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Кацярыны Аляксандраўны Петруцкай.
Сустрэча прайшла на базе ДУА «Сярэдняя школа № 45 г.Магілёва». Удзел у мерапрыемстве прынялі дырэктары ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі.
У рамках сустрэчы працавала інтэрактыўная пляцоўка «Тэхналогія клопату: не побач, а разам». Супрацоўнікі інстытута развіцця адукацыі прадставілі сістэму метадычнай падтрымкі псіхалагічнага суправаджэння адукацыйнага працэсу. Педагогі Магілёўшчыны прэзентавалі свае метадалагічныя распрацоўкі на тэму падтрымання псіхалагічнага дабрабыту навучэнцаў, стварэння атмасферы эмацыйнага камфорту, прадстаўлялі цікавыя аўтарскія дыдактычныя сродкі і прыёмы і дзяліліся паспяховым вопытам.
Братухіна Вольга Пятроўна, намеснік начальніка Цэнтра сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы – начальнік аддзела метадычнага забеспячэння выхаваўчай і ідэалагічнай работы з навучэнцамі дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія адукацыі», у рамках сустрэчы асвятліла пытанне аб навукова-метадычным суправаджэнні дакументазвароту ў дзейнасці педагога сацыяльнага і педагога-псіхолага ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Аб кіраўнічых аспектах аптымізацыі дакументазвароту ў дзейнасці педагога сацыяльнага і педагога-псіхолага распавяла Васілеўская Таццяна Францаўна, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 35 г.Бабруйска імя П. І. Батава».
Удзельнікі мерапрыемства адзначылі творчы падыход педагогаў у рамках інтэрактыўнай пляцоўкі і актуальнасць тэмы семінара.
Турава Анастасія Вітальеўна, спецыяліст аддзела выхаваўчых сістэм і тэхналогій установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі»









