Дзіцячы эканамічны форум – інвестыцыі ў будучыню падрастаючага пакалення

У рамках III інвестыцыйнага форуму «Магілёўскі раён – тэрыторыя магчымасцей» аддзелам па адукацыі Магілёўскага райвыканкама ўпершыню быў арганізаваны дзіцячы эканамічны форум, у якім прынялі ўдзел супрацоўнікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Бако А.А., прарэктар па вучэбнай рабоце, Сарвіра А.І., метадыст аддзела педагагічных інавацый. Базай правядзення мерапрыемства стала тэрыторыя рэстаранна-гасцінічнага комплексу Грын-Хіл (в.Салтанаўка).

Мэтай мерапрыемства было стварэнне пляцоўкі з інтэнсіўным адукацыйным працэсам, на якой маладыя людзі змаглі б прадэманстраваць свой талент, набыць дадатковыя веды па розных кірунках, знайсці аднадумцаў і атрымаць грамадскую дзяржаўную і міжнародную падтрымку сваіх сацыяльна значных ініцыятыў.

Удзельнікамі форуму былі прадстаўнікі Магілёўскага райвыканкама, раёнаў Магілёўскай вобласці і гарадоў Магілёва і Бабруйска, грамадскіх арганізацый, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, навучэнцы і выхаванцы ўстаноў адукацыі Магілёўскага раёна, СМІ.

У рамках правядзення дзіцячага эканамічнага форуму прайшла прэзентацыя пляцовак «Адукацыйныя паслугі ўстаноў адукацыі Магілёўскага раёна», «Ад 3-х да 6-ці, арыенціры дзяцінства», «Фінансавая пісьменнасць – залог паспяховага развіцця асобы». Удзельнікі форуму пазнаёміліся з турыстычнай дзейнасцю ўстаноў адукацыі Магілёўскага раёна ў рамках абласнога праекта «#Мая_ Зямля_ Прыдняпроўе», з гісторыяй стварэння і асобнымі экспанатамі музея Магілёўскага раёна ў сядзібе пана Жукоўскага аграгарадка Дашкаўка.

Акрамя таго, на форуме была прадстаўлена выстаўка- продаж вырабаў ручной работы, сувенірнай прадукцыі з лагатыпамі Магілёўскага раёна ў рамках творчага праекта «Мой край і Я: чым больш вывучаю, тым больш ствараю», маладзёжная кіберзона БРСМ.

У працэсе форуму таксама працавала выстаўка метадычных матэрыялаў (інтэрактыўныя гульні, распрацаваныя выхавацелямі ўстаноў дашкольнай адукацыі Магілёўскага раёна), быў арганізаваны інтэрактыў з дзецьмі, навучэнцы і педагогі школ прадстаўлялі даследчыя работы па тэматыцы форуму, адбылася дэманстрацыя інтэрактыўнай карты са славутасцямі Магілёва і Магілёўскага раёна. БРСМ праводзіў спартыўныя і інтэлектуальныя гульні з удзельнікамі.

У ходзе работы дыялогавай пляцоўкі быў падпісаны шэраг дагавораў. Завяршыўся форум святочнай канцэртнай праграмай з удзелам юных талентаў устаноў адукацыі Магілёўскага раёна.

Падводзячы вынікі, арганізатары адзначылі, што ў будучым маюць намер пашыраць і ўдасканальваць фармат правядзення гэтага форуму, зрабіўшы яго брэндам Магілёўскага раёна.