У рамках падтрымкі маладых настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры метадыстам аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА” Маліноўскай С.С. 9 кастрычніка 2025 года арганізаваны інтэрактыўны семінар з элементамі трэнінгу “Магчымасці выкарыстання практыка-арыентаваных заданняў у кантэксце фарміравання метапрадметных кампетэнцый вучняў” на базе ДУА “Сярэдняя школа № 42 г. Магілёва”. Мерапрыемства было накіравана на павышэнне кваліфікацыі маладых педагогаў і іх аснашчэнне эфектыўнымі методыкамі.
Праграма семінара была інтэнсіўнай і насычанай, каб максімальна адказаць на запросы маладых настаўнікаў.
Адзін з ключавых блокаў – майстар-клас “Павышэнне вучэбнай матывацыі і актыўнасці вучняў праз укараненне практыка-арыентаваных заданняў у адукацыйны працэс”. Піскуновіч Г.Р., настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 42 г. Магілёва”, падзялілася з калегамі канкрэтнымі прыёмамі і метадамі: як пераўтварыць правіла з падручніка ў цікавую праблему, як стварыць на ўроку праектную сітуацыю, дзе мова становіцца інструментам для дасягнення мэты. Удзельнікі не толькі атрымалі тэарэтычныя веды, але і самі распрацоўвалі міні-праекты і прыкладныя практыка-арыентаваныя заданні.
Некрэвічус А.А., настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія № 1 г. Бабруйска” (малады спецыяліст, у мінулым тройчы пераможца заключнага этапу рэспубліканкай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры) правяла для аднадумцаў майстар-клас “Эфектыўныя прыёмы пры рабоце з тэкстам на ўроках беларускай мовы і літаратуры”, які быў прысвечаны пошуку адказаў на пытанне: як зрабіць чытанне і аналіз тэксту захапляльным працэсам. Маладыя настаўнікі даведаліся, як з дапамогай сучасных тэхналогій, інтэрактыўных формаў работы і прыёмаў развіцця чытацкай пісьменнасці раскрываць багацце беларускай літаратуры і фарміраць у вучняў грамадзянскую і культурную пазіцыю.
Узорам дасканалай практыкі стала наведванне ўрока беларускай мовы ў VII класе па тэме “Лады дзеяслова” (настаўнік Калачова Л.М.). Удзельнікі мелі магчымасць назіраць, як упісваюцца практыка-арыентаваныя падыходы ў кантэкст вучэбнага занятку. Як праз канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі і творчыя заданні можна пабудзіць у вучняў цікавасць да роднай мовы і фарміраваць уменні аналізу, сінтэзу і крытычнага мыслення. Метадыст МДАІРА Маліноўская С.С. дапамагла маладым спецыялістам прааналізаваць урок на аснове прыёму “Дэканструкцыя ўзору”.
Асобная ўвага была ўдзелена пытанням метадычнага суправаджэння ў новым навучальным годзе. Удзельнікі атрымалі тлумачэнні па ключавых палажэннях нарматыўных прававых дакументаў на 2025/2026 навучальны год, адказы на пытанні і рэкамендацыі па іх прымяненні ў штодзённай практыцы, што асабліва важна для настаўнікаў-пачаткоўцаў.
Семінар атрымаў вельмі станоўчы водгук ад удзельнікаў. Яны адзначылі, што атрымалі не проста тэарэтычныя веды, а дакладныя, гатовыя да выкарыстання інструменты для работы. “Гэты семінар быў па-сапраўднаму практычным і натхняльным, – падзялілася думкамі настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 19 г. Бабруйска Зянкевіч К.В. – Я зразумела, як зрабіць свой урок блізкім да жыцця вучняў, як паказаць ім, што беларуская мова – гэта не толькі правілы, але і магутны інструмент для самарэалізацыі. Атрымала шмат ідэй, якія абавязкова прымяню на практыцы”.
Напрыканцы семінара самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі ў падарунак метадычныя выданні, выпушчаныя ў свет па выніках конкурсаў метадычных распрацовак сярод настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Магілёўскай вобласці.
Правядзенне такіх мерапрыемстваў спрыяе фарміраванню супольнасці ініцыятыўных маладых педагогаў, якія гатовы эфектыўна і творча рэалізоўваць асноўныя патрабаванні сучаснай адукацыі.
Маліноўская С.С, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”, 24 53 06










