Семінар-практыкум для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры: вопыт, практыка, супрацоўніцтва

З 9 па 13 лістапада 2026 года адбылося планавае павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па тэме “Удасканаленне дзейнасці педагога па навучанні, развіцці і выхаванні асобы вучня сродкамі вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. У рамках  павышэння кваліфікацыі 11 лістапада 2026 года на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 19 г. Магілёва імя М.Ф. Сафонава” адбыўся семінар-практыкум для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Практыка эфектыўнай арганізацыі вучэбнай дзейнасці вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры: з вопыту работы”.

З прывітальным словам выступіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Уладзіміраўна Панфіловіч, якая прадставіла досвед установы па арганізацыі адукацыйнай прасторы як умовы развіцця навучэнцаў.

Выступленні настаўнікаў установы адукацыі насілі практыка-арыентаваны характар. Удзельнікі семінара наведалі шэраг майстар-класаў і практычных заняткаў і атрымалі каштоўны вопыт па эфектыўнай арганізацыі ўрока, азнаёміліся з рознымі метадамі, прыёмамі і формамі работы, якія дазваляюць ствараць умовы для актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў, якаснага засваення вучэбнага матэрыялу, арганізацыі сістэмнай падрыхтоўкі вучняў да цэнтралізаванага экзамену. Узорам практычнай рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага занятку стала наведванне ўрока беларускай літаратуры ў VIII класе.

Слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі падкрэслілі высокі ўзровень прафесіяналізму калектыву школы, гатоўнасць педагогаў дзяліцца вопытам работы, неабыякавасць да выканання сваіх прафесійных абавязкаў, а таксама гасцінны прыём і ветлівасць.

Такія сустрэчы не толькі ўзбагачаюць метадычную скарбонку настаўнікаў, але і спрыяюць развіццю прафесійных сувязяў, абмену ідэямі і сумеснаму пошуку эфектыўных шляхоў удасканалення адукацыйнага працэсу.

 

Маліноўская С.С., метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”, 24 53 06