27 мая 2026 года ва ўстанове адукацыі “МДАІРА адбылася педагагічная майстэрня для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры са стажам працы да трох гадоў. Тэма мерапрыемства – “Атэстацыя вучняў: нарматыўна-прававое забеспячэнне і практыка выкарыстання” – была абрана не выпадкова: менавіта пытанні аб’ектыўнага ацэньвання часта выклікаюць найбольш цяжкасцей у маладых спецыялістаў.
Мэтай мерапрыемства стала павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у пытаннях нарматыўна-прававога забеспячэння і практыкі атэстацыі вучняў па беларускай мове і літаратуры.
Майстэрню адкрыла начальнік аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін “МДАІРА” Гірына А.В. Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што прафесійны рост спецыяліста непарыўна звязаны з яго іміджам. Настаўнік, які валодае прававымі нормамі ацэньвання, – гэта настаўнік, якому давяраюць вучні і бацькі.
Маліноўская С.С., метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”, тэарэтычны блок прысвяціла сістэматызацыі ведаў ключавых палажэнняў нарматыўных прававых актаў (Кодэкса аб адукацыі, пастаноў Міністэрства адукацыі, метадычных рэкамендацый).
Асноўная частка майстэрні была практыка-арыентаванай. Падчас практыкуму “Прымяненне нормаў ацэнкі вынікаў вучэбных дасягненняў вучняў на ўроках беларускай мовы пры праверцы пісьмовых работ і вусных адказаў вучняў” педагогі прааналізавалі канкрэтныя пісьмовыя работы вучняў (дыктанты, пераказы, сачыненні, дамашнія работы), а таксама праслухалі відэазапісы вусных адказаў. Сумесна былі выпрацаваны алгарытмы дзеянняў пры ўліку розных тыпаў памылак.
Майстар-клас “Распрацоўка крытэрыяў ацэнкі для розных відаў практыкаванняў” паказаў, як ператварыць агульныя нормы ў празрыстыя для вучня крытэрыі, выкарыстоўваючы тэхналогію крытэрыяльнага ацэньвання.
У рамках аналізу відэафрагментаў урока на аснове рабочага ліста “Дэканструкцыя ўзору” маладыя спецыялісты патрэніраваліся “бачыць” у відэаўроку моманты, якія патрабуюць карэкціроўкі ацэнкі.
Падчас фінальнай часткі ўдзельнікі адзначылі, што найбольш карыснымі для іх сталі практыкум па праверцы пісьмовых работ і майстар-клас па крытэрыях. Удзельнікі выказалі пажаданне праводзіць падобныя майстэрні на рэгулярнай аснове з разборам канкрэтных тэм па класах.
Маліноўская С.С., метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “МДАІРА”, 24 53 06





